Геранёны — замак, якога няма

Тут пачалася гісторыя Барбары Радзівіл і скончыўся летапіс роду Гаштольдаў.

Знаходзяцца Геранёны ў нека­лькіх кілямэтрах ад мяжы зь Літвою. Калі ехаць «бюджэтным» шляхам, то зь Менску варта кіравацца да Іўя ці Ліды, а адтуль рэйсавым аўтобусам і да Геранёнаў. Пра былую веліч Геранёнскага замку нагадваюць зараз хіба што земляныя валы і невялікія фрагмэнты каменных вежаў, парослыя хмызьняком. А ў захаваным дагэтуль касьцёле Сьвятога Міколы пайшла пад вянец за Станіслава Гаштольда першая прыгажуня Вялікага Княства Барбара Радзівіл.

Можна сказаць, што Геранёнскі замак — яркі ўзор замкавага будаўніцтва ў Беларусі на мяжы ХV-ХVІ ст. Хоць тут і ёсьць асобныя элемэнты эўрапейскай фартыфікацыі, усё ж больш ярка і выразна вылучаюцца мясцовыя ваенна-будаўнічыя традыцыі. Пра гэта сьведчаць і будаўнічыя матэрыялы, і прынцып узьвядзеньня валоў, і мураваны замак з чатырма вежамі, разьмешчаны на штучнай высьпе, што было найбольш характэрна для беларускага ваеннага і царкоўна-цытадэльнага дойлідзтва тых часоў.

Пляцоўка Геранёнскага замка была абнесена валам вышынёй каля 4 мэтраў і аточаная ровам глыбінёй каля 15 мэтраў.

Мяркуецца, што пабудаваны мураваны замак быў Войцахам Гаштольдам, тагачасным канцлерам ВКЛ і віленскім ваяводам. Гаштольды валодалі замкам да 1542 году. Потым ён перайшоў да вялікага князя Жыгімонта Старога, а ад яго — да Жыгімонта Аўгуста. У ХVІІ стагодзьдзі Геранёны — ва ўладаньні Пацаў.

Падчас вайны з Маскоўшчынай 1654-1667 гг. замак быў разбураны, але, відаць, неўзабаве яго зноў аднавілі.

У пачатку ХІХ стагодзьдзя замак пуставаў, а потым, у сярэдзіне стагодзьдзя, яго пачалі разбураць.

Геранёны
Геранёны на малюнку Напалеона Орды.

Ужо ў ХІХ ст. замак выглядаў вельмі сумна, што зафіксавана на малюнках Напалеона Орды. У нашы часы на месцы замка захаваліся толькі рвы, земляныя валы, невялікія фрагмэнты каменных вежаў. Усё зарасло дзёрнам і хмызьняком.

Арыенцір у пошуку замкавай гары — каменны касьцёл Сьвятога Міколы, пабудаваны ў 1529 годзе ён непасрэдна прымыкаў да абарончага рова перад брамаю.

Геранёны
Касьцёл Сьвятога Міколы ў Геранёнах. Photo by Алесь Bezuher.

Зь геранёнскім касьцёлам Сьвятога Міколы зьвязаны лёс у тыя часы першай прыгажуні Вялікага Княства, а ў будучым — знакамітага прывіду Нясьвіскага замка Барбары Радзівіл. У гэтай сьвятыні ў 1537 годзе пайшоў пад вянец са сваёй выбраньніцай пятнаццацігадовай Барбарай Станіслаў Гаштольд — апошні прадстаўнік гэтага роду па мужчынскай лініі.

Праз пяць гадоў Барбара стане ўдавой і неўзабаве спадабаецца князю Жыгімонту II Аўгусту. Гэты захапляльны раман завяршыўся каранаваньнем Барбары насуперак волі нядобразычліўцаў. Апазыцыю тады ўзначаліла сама каралева-маці Бона Сфорца. Як лічаць шматлікія гісторыкі, менавіта зь яе «падмогі» у 1551 годзе Барбара памерла, верагодней за ўсё, атручаная моцнадзейным ядам. Жыгімонт Аўгуст больш не ажаніўся, і таму пасьля яго сьмерці ў 1572 годзе каралеўскі род Ягелончыкаў назаўжды зьнік са старонак гісторыі Вялікага Княства.

Як даехаць

Геранёны — памежны пункт. Таму, увага! У вас могуць узьнікнуць праблемы з памежнікамі, калі вы не паведаміце ім пра знаходжаньне на тэрыторыі памежнай зоны. Аднак парадак рэгістрацыі ў памежных зонах (згодна з новай рэдакцыяй заканадаўства) дагэтуль неакрэсьлены.

Аўтобусы зь Іўя да Геранёнаў ходзяць рэгулярна. Апошні — у раёне 15:00.

Чытайце таксама:

 А мы вандруем далей — у сучасную сталіцу піва і красовак — Ліду.

 

11:50, 26/08/08
Алесь Bezuher

Камэнтары

Ada у 22:43, 27.08.08 #

Алесь! Якім фотаздымачом ты карыстаесься?


bezuher у 13:19, 11.09.08 #

Самымі рознымі :) Пачынаючы ад Canon POwerShot 440 і сканчаючы зеркалкай Canon EOS не-памятаю-які-нумар.


Алька у 16:51, 01.09.08 #
не Тракелі

Алесь, Вы канешне, мяне прабачце, але апошняя фотка касцёла - гэта зусім не Тракелі!!! Тракельскі касцёл - маленькі і драўляны.


tarka у 18:48, 10.09.08 #

Дзякуй! Здымак перанесьлі, бо ён для іншага артыкула з сэрыі ПраДарожжаў.


kanapelka у 18:30, 10.09.08 #

Паважаны Алесь!

Дзякуй, што закранулі тэму Геранёнскага замка. Калісьці мы з сябрамі ездзілі на гэтыя рэшткі і кансервавалі іх для будучыні. Вельмі дапамог мясцовы ксёндз.

Падчас працаў вакол бегалі мясцовыя дзеткі і глядзелі ва ўсе вочы...

Ці ёсць у Вас, якія-небудзь задумы аб далейшым лёсе замка і яго інтэрпрэтацыі на сённяшні дзень?

Ці ёсць у Геранёнах музэй?

Ці закранула месца сённяшняя палітыка аграбудаўніцтва?

Ці не размаўлялі Вы з мясцовай уладай наконт далейшага лёсу рэштак????

А што думаюць мясцовыя жыхары????


bezuher у 13:30, 11.09.08 #

Прывітанне!

Столькі пытанняў, якія, на жаль, не маюць спалучэння з мэтаю дадзенай нататкі. Мая мэта была проста акрэсліць гэта цудоўнае мястэчка, каб іншыя людзі адкрылі яго для сябе, як калісьці зрабілі гэта вы і я.

З мясцовымі мы не размаўлялі, музея не знайшлі, а ўлады... :)

А на вывучэнне праблем канкрэтна гэтай гістарычнай пляцоўкі не было часу, бо вакол існуе дзесяткі такіх жа цудоўных помнікаў, якія патрабуюць не меньшай увагі.

Спадзяюся, нехта з тых, хто трапіць у Геранёны дзякуючы гэтаму артыкулу зацікавіцца дадзенымі пытаннямі і адкажа на іх :)


kanapelka у 18:34, 10.09.08 #

Наконт памяжоўнай зоны.

Час прыбывання ў такіх зонах абмежаваны 24 гадзінамі, пасля чаго вы абавязаны пакінуць месца. Пры сабе АБАВЯЗКОВА мець пашпарт, які пры першым патрабаванні неабходна паказваць міліцыянту.


bezuher у 13:33, 11.09.08 #

Першы раз чую пра падобныя патрабаванні. Выглядаюць яны як практычна невыкананыя :)

Тэарытычна, я магу заставацца там колькі заўгодна. Але новы закон прадугледжвае дзяржпошліну нейкую.


kanapelka у 14:57, 11.09.08 #

Калі Вы першы раз чуеце пра гэтыя патрабаванні, то ці сапраўды Вы былі ў Геранёнах??? Прынамсі там я ўпершыню і пазнаёмілася з дадзенымі правіламі.

А таксама

http://gpk.gov.by/ru-border-zone/

Ваш артыкул не абвастрае праблему заняпаду замка і няма апытання мясцовых жыхароў. Цяжка ўявіць чалавека, які паедзе сапраўды разбірацца з праблемай пасля гэтага прачытання.

Людзей часцяком цікавіць толькі якім фотаздымачом фоткаўся помнік...

І што за стаўленне да мясцовых уладаў? Вы нават не размаўлялі з імі....


Mara у 15:10, 11.09.08 #

ды расслабцеся :). мэта артыкула, каб людзям захацелася паехаць і пабачыць месца ў самой Беларусі, дзе штосьці адбывалася цікавае, дзе хаця б у якім стане яшчэ ёсьць кавалачак гісторыі. Жаданьне ратаваць прыходзіць ужо пасьля, калі людзі да нечага ўжо дакрануліся.


bezuher у 15:31, 11.09.08 #

Перад тым, як трапіць у гэту загадкавую памежную зону моцна хацеў высветліць правілы знаходжання ў ёй. Але, як я адзначыў вышэй, закон http://gpk.gov.by/ru-borderpolicy-legislation-laws/2.nm.o_gosudarstvennoi_granice_respubliki_belarus_.html ёсць, а правілаў няма :( Таму і інфа з іх сайта мне падаецца ўжо састарэла. Там ідуць спасылкі на дакументы 1993 і 1994 года.

Я не ставіў перад сабой задачы асвятлення праблемы заняпаду. Бо калі ты не ведаеш ідэі, суб'екта праблемы, яе і няма. Але ўжо зараз большая колькасць людзей будзе ведаць пра наяўнасць суб'екта праблемы, значыць і яе сутнасць, калі да пралемы дойдуць рукі, зразумее большая колькасць людзей.

Звярніцеся да папярэдніх артыкулаў пра Жэмыслаўль, Суботнікі. Там таксама кучу праблем заняпаду. Увогуле, уся сітуацыя з гістарычнымі помнікамі ў Беларусі - адна вялікая праблема. Але гэта не значыць, што варта хадзіць і ныць пра тыя праблемы. Варта паказаць людзям, колькі Беларусь мае цікавага, свайго, уласнага, каштоўнага. З'явіцца інтарэс, з'явяцца і праекты аднаўлення, у тым ліку і ў мясцовых уладаў. Але ж не простым шарагоўцам аднаўляць тыя замкі і палацы.


kanapelka у 16:48, 11.09.08 #

Выбачаюся, але лічу свае камэнтары не ныццём, але выдзяленнем праблемы заняпаду Геранёнаў і зваротам увагі на шляхі вырашэння праблемы. Скажам шчыра: Геранёны могуць быць цікавы выключна мясцоваму чалавеку,які і можа паспрабаваць вырашыць праблему.

І мне падаецца, што варта больш уважліва прыглядацца да аб'ектаў спадчыны і мясцовых людзей, а не як бесклапотны матыль скакаць з месца на месца па рэштках: " О, як тут хораша, і Радзівілам месца падабалася!".

Хаця яшчэ раз падкрэслю, што Ваш артыкул з'яўляецца цудоўным узорам граматнай інтэрпрэтацыі мясцінаў.

Наконт шэрагоўцаў ды інш.... Я адкрыла адмысловую тэму аб гэтым у форуме у раздзеле "кар'ера":)


bezuher у 21:24, 11.09.08 #

Але ж я зусім не называў вашыя вельмі карысныя каментары ныццём. Я хацеў адзначыць, што зацыклівацца толькі на праблемах нельга.

З мясцовымі жыхарамі размаўляць насармэч вельмі цікава. Толькі вось не ва ўсіх пунктах у нас гэта атрымалася. Хацелеася наведаць як мага больш мясцін гэтага цікавага краю за малы тэрмін. І такім чынам спланаваць добры маршрут па вёсках, якім бы ў будучым маглі карыстацца.

Яшчэ факт, што знайсці адэкватнага мясцовага, які ведае аб'ектыўную іфармацыі аб аб'екце даволі цяжка. Часцей за ўсё людзі пітаюцца нейкімі забабонамі і пустымі марамі пра тое, што нехта прыедзе і ўзбудуе палацы. Хаця большасці мясцовым усе гэтыя аб'екты, як мне падаецца, непатрэбныя. Стаўленне часоў прыгоннага права - "гэта панскае (дзяржаўнае), а мы халопы".


Камэнтаваць могуць толькі аўтарызаваныя карыстальнікі.
Зарэгіструйцеся і ўвайдзіце на сайт, калі ласка.
 
In 0.736 seconds.